Фільтраваць
Імёны
Падзеі
Помнікі
Рэгіён
Прадметы
Установы
Спадчына: Мастакі

Леанід Мікалаевіч Салаўёў нарадзіўся 9 снежня 1936 года ў вёсцы Дзюкава Валагодскай вобласці (Расія). Бацька быў на фронце з 1941 года, загінуў у 1944. Маці працавала на чыгунцы, у чэрвені 1945 года яе перавялі ў Брэст і яна пераехала з чатырма дзяцьмі. Тут Леанід пайшоў у першы клас школы № 8. Наведваў студыю выяўленчага мастацтва Пятра Аляксеевіча Данеліі, які прывіў яму любоў да мастацтва, жывапісу, вызначыў лёс і творчы шлях мастака, даў рэкамендацыю ў Саюз мастакоў.

Францішак Марыян Віславух (Выславух) нарадзіўся 24 верасня 1896 года ў вёсцы Пярковічы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці) у заможнай польскай сям’і. Шляхецкі род Віславухаў вядомы з пачатку ХVІ ст. Бацька, Антоній Віславух (1864–1940), быў гісторыкам, бібліяфілам, настаўнікам Брэсцкай гімназіі. У сям’і было дзевяць дзяцей.

Уладзімір Васільевіч Старчакоў нарадзіўся 20 сакавіка 1911 года ў сяле Рагань Харкаўскага павета Харкаўскай губерні (цяпер гарадскі пасёлак Харкаўскага раёна Харкаўскай вобласці, Украіна) у сям’і будаўніка. У 1930–1936 гадах вучыўся ў Харкаўскім мастацкім інстытуце ў прафесара Сямёна Маркавіча Прохарава, у мастака Міхаіла Якімавіча Козыка. З трэцяга курса спецыялізаваўся на тэатральным аддзяленні ў мастака Анатолія Галакціонавіча Пятрыцкага.

Аляксандр Адамавіч Краўчук нарадзіўся 10 мая 1936 года ў г. Брэсце-над-Бугам (цяпер Брэст) у рабочай сям’і. У шасцігадовым узросце Саша Краўчук знайшоў гранату, якая раптоўна ўзарвалася. У выніку няшчаснага выпадку застаўся без прадплечча левай рукі; калі стаў дарослым, дык насiў пратэз.

Леанiд Пятровiч Данелiя нарадзiўся 27 сакавiка 1946 года ў г. Брэсце. Яго бацька – брэсцкі мастак-жывапісец Пётр Аляксеевіч Данелія (1920–2012), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, адзін з заснавальнікаў Брэсцкага аддзялення Беларускага саюза мастакоў, заслужаны дзеяч мастацваў Беларусі (1995).

Анастасія Іванаўна Фяцісава нарадзілася 22 мая 1951 года ў г. Брэсце. Яе бацька, Іван Якаўлевіч Фяцісаў (1920–1994), удзельнiк Вялiкай Айчыннай вайны, вядомы брэсцкi мастак-жывапісец, заслужаны работнiк культуры БССР (1989).

Насця Фяцісава ў дзяцінстве выяўленчым мастацтвам не захаплялася, нядоўга наведвала студыю М. С. Талмачова. Толькі з 8-га класа ёй захацелася маляваць, самастойна спрабавала акварэльныя фарбы. Па прапанове бацькоў у 1973 годзе закончыла Мінскае музычнае вучылішча імя М. Глінкі па класу баяна. Пасля сама выбрала свой лёс – паступіла ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Вучылася з вялікім натхненнем у С. Баткоўскага, А. Семілетава, Л. Міронавай.

Уладзімір Дзмітрыевіч Тулупаў нарадзіўся 17 лютага 1951 года ў г. Брэсце ў сям’і служачых. Схільнасць да малявання ва Уладзіміра праявілася рана, але толькі ў 15 гадоў трапіў у студыю выяўленчага мастацтва выдатнага педагога Міхаіла Сяргеевіча Талмачова (1922–1998) пры абласным Доме піянераў і школьнікаў.

Анатоль Міхайлавіч Хвісевіч нарадзіўся 30 мая 1951 года ў вёсцы Стахавічы Пінскага раёна Пінскай (цяпер Брэсцкай) вобласці. У 1973 годзе скончыў архітэктурны факультэт Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута.

Дот Саматавіч Абдусаматаў нарадзіўся 12 чэрвеня 1941 года ў пасёлку Шахрынау (Таджыкская ССР). Бацька працаваў правадніком – суправаджаў людзей цераз перавал. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны бацька быў прызваны ў Чырвоную армію і загінуў на фронце. Мацi памерла ў час вайны, хлопчык выхоўваўся ў дзіцячым доме ў Душанбэ у рускамоўным асяродку.

Канстанцін Кандратавіч Казёлка нарадзіўся 22 кастрычніка 1915 года на ст. Калінкавічы Мазырскага павета Мінскай губерні (цяпер горад у Гомельскай вобласці). Калі наблізіўся фронт Першай сусветнай вайны, яго бацька, Кандрат Казёлка, каваль з Давыд-Гарадка, з цяжарнай жонкай Марыяй Рыгораўнай і пяцігадовай дачкой рушылі ў бежанцы. Потым Казёлкі дабраліся да Кіева, дзе бацька ўладкаваўся матросам ў параходнае таварыства. Марыя Рыгораўна памерла праз два гады, бацька зноў ажаніўся і дзяцей выхоўвала мачыха.

Старонка 9 з 15